Дзе мой край? Там дзе вечную песьню пяе Белавежа Там дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро Ты ляжыш там дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца Дзе Сафія плыве над Дзьвіною нібы карабель Там дзе сэрца маё зь першым крокам як молат заб'ецца Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе Што сьляпым, нават мёртвым успомню высокія зоры Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў Белы ветразь на сініх, на гордых як мора азёрах І бары-акіяны і неба разьлівы ільноў Дзе мой край? Там дзе людзі ніколі ня будуць рабамі Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі А мужчыны як скалы, ударыш і зломіцца меч Дзе мой край? Там дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі Дзе жанчыны як радасны сон у стагах на зары А дзяўчаты як дождж залаты, а сівыя матулі Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок Тая гордая мова якую й тады не забудзем Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок Ты наш край, ты чырвоная груша над дзедаўскім домам Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць Ты наш сьцяг што нікому, нікому на сьвеце, нікому Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі І апошняй ральлёй на якую ўпадзём у журбе Мы клянёмся табе што ніколі, ніколі, ніколі Так, ніколі ня кінем, ня кінем, ня кінем цябе